“Выхаваць чалавека” – прынцыпы выхавання ад паспяховых беларускіх мамаў

Зараз, на 8-ым месяцы цяжарнасці, мяне ўсё часцей наведвае думка, як выхаваць сына адказным, добрым, справядлівым – як годна выхаваць новага чалавека?  У пошуках адказу я шмат разважала, размаўляла са сваімі бацькамі, прыглядалася да прыкладу іншых – у выніку вырашыла звярнуцца з гэтым пытаннем да паспяховых беларускіх матуляў. Вось што з гэтага атрымалася.

Tarantino.by-2016-Harlanchuk-8747

Ганна Харланчук, шматдзетная мама, акторка, стваральніца праекта “Горад сяброў”

Па-першае, паступай з іншым, як хочаш, каб з табой паступалі.

Па-другое, любі блізкага, як самога сябе. Не можаш любіць – тады паважай.

Па-трэцяе, рабі сёння: усміхайся, абдымай, паважай, прабачай, вучыся, імкніся і г.д. Сёння – ня заўтра, бо час кароткі!

30

Надзея Гарэцкая, матуля трох дзетак, стваральніца адукацыйнага сайта “Навука”

У мяне няма распісаных тэзісаў, якія вісяць на лядоўні, як напамін або падказка. Няма і нейкага замацаванага механізму – у нашы часы мала каго выхоўвалі ўдумліва, была праблема накарміць, ды і спадзяванні на школу былі большыя. Але калі сыходзіць з таго, што мы выбіраем для сябе з усёй плыні рэкамендацый і метадаў выхавання, я б назвала наступныя тры рэчы:

Час брута дзецям важней, чым час нета.

Шмат зараз кажуць, што 15 хвілін выдзеленай увагі кожнаму дзіцёнку паасобку выхоўвае лепш, чым цэлы дзень побач. Я з гэтым не згодна. Мы выбралі стратэгію, што дзеці ўвесь час з маці (пакуль мы да школы не дараслі). Дзеці на працягу дня бачаць увесь цыкл клопатаў пра іх, пра дом, паміж сужонкамі, бачаць і моцныя, і слабыя бакі. Бачаць нашы прыярытэты і каштоўнасці. Гэта стратэгія вымагае бацькоў мяняцца, тлумачыць дзецям свае ўчынкі, выбачацца і маліцца за тое, каб станавіцца лепшымі. Мы вельмі шмат размаўляем, шмат чаго робім разам. Ёсць і выдзелены час на заняткі, чытанне ці проста абдымкі. У такія моманты выліваецца ўся пяшчота і замацоўваецца разуменне прывязанасці і любові.

Лепшая матывацыя – Слова Божае.

Зноў жа, я іду ад супрацьлеглага. Мне не падабаюцца распрацаваныя механізмы матывацыі праз куплю падарункаў, аплату працы і зорачкі. Дзеці павінны слухацца бацькоў таму што так напісана ў Бібліі. І гэтага дастаткова. Дзеці павінны дапамагаць бацькам і выконваць хатнія абавязкі таму, што любяць бацькоў, і гэтага мусіць быць дастаткова. Такі метад таксама многага патрабуе: трэба чытаць з дзецьмі Слова, цытаваць Прыповесці, разважаць пра грэх і паслухмянства. Гэта не значыць, што не павінна быць узнагароды. А значыць, што ўзнагарода павінна быць ласкай, а не павіннасцю. Таксама гэта вымагае вельмі мудра ставіцца да таго, што патрабуецца ад дзяцей, варта не перагінаць палку, не рабіць з дзяцей “пульт”. І таксама дапамагаць ім вяртацца ў паслухмянства, нават калі і праз пакаранне. І, канечне, гэта вымагае самім ставіцца ласкава да патрэб дзяцей.

Служыць лепш, чым забаўляцца.

Зараз дзіцячы маркетынг такі моцны, што пры жаданні можна цэлымі днямі знаходзіць месцы для забаў танных і не вельмі. Мы наведваем розныя культурныя імпрэзы на святы або ў выходныя дні. Наведваем заняткі ў царкве. Я вельмі хачу, каб дзеці навучыліся служыць. Таму, калі мы вучымся спяваць, то для праслаўлення, калі маляваць – для славы Божай, іграем у тэатры – каб служыць. Пакуль дзеці даволі малыя, але я вельмі хачу, каб яны паступова ўваходзілі ў служэнне як у царкве, так і за межамі царквы, таму заўсёды нагадваю ім глядзець, дзе і каму трэба дапамагчы: суседцы, бабулі, настаўніцы на занятку, групе парадку, сябру за партай ці малодшаму дзіцёнку.

27544576_342749556226469_2153884792763005675_n

Святлана Шырвель, матуля 6 дзетак, з якіх дзве двойні, журналіст

Быць бацькамі не пасада, а функцыя, з якой мудрыя людзі спраўляюцца ўмела. Важна ўмець вылучаць час для галоўнага. Гэтаму ж мы імкнёмся вучыць дзяцей.

Разам нам не бывае сумна. Пры жаданні можна зладзіць сямейнае свята ў звычайны дзень, без нагоды.
Кожны сам напаўняе сваё жыццё незвычайнымі момантамі. Гэта вельмі весела, асабліва калі ідэі прыходзяць нечакана.

Упэўнена, свята – гэта не тэма, а стан. У нашай сям’і любяць эфект нечаканасці. Дзецям толькі скажы: “Усё, сёння ўсе робім розныя піцы, а потым ідзём на пікнік”. Ці: “Так, ідзем у краму, купляем розныя “смачнюшкі” і будзем імі частавацца цэлы дзень”.

Важна, каб прыдуманае не было паўсядзённым, выходзіла за рамкі звыклага. Бо ў паўсядзённым жыцці ніхто не харчуецца цэлы дзень “вкусняшками”, хоць дзеці пра гэта мараць. Мы даём мары спраўдзіцца. Скажу па сакрэце, ніхто з дзяцей не здольны ўвесь дзень есці зефіркі, мармелад і жэле. Але сама думка пра такую магчымасць, натхняе.

Дзіцяці важна вырасці гарманічнай асобай – гэта закладаюць бацькі. Для нас з мужам важна, каб дзеці развіваліся ўсебакова. Мы імкнёмся, каб таленты кожнага дзіцяці маглі максімальна раскрыцца. Мы не саромеемся хваліць.

Я не магу сказаць, што адно важней іншага. Усё важна, магчыма, працэнтныя суадносіны розныя, але неабходна ўсё. Быць ветлівым, уважлівым, акуратным і добра апранутым – пажадана. Добра – з пункту гледжання эстэтыкі, перш за ўсё. У нас усе дзеці ведаюць, якія колеры спалучаюцца адзін з адным. Яны ў курсе, як не апрануць лішняе. Мне гэта падабаецца.

Вось некалькі простых прынцыпаў, якіх мы імкнёмся прытрымвацца, каб усё паспяваць:

Максімальна задзейнічаць усе рэсурсы нашай сям’і для ўзаемадапамогі.

Калі маленькае дзіця хоча памыць рукі, то яго можа адвесці ў ванную старэйшае дзіця. Паставіць абутак усёй сям’і роўна ў стане і трохгадовыя дзеці. Гэта выдатная трэніроўка навыкаў, неабходных малянятам у іх узросце.

Вучыць усіх рабіць тое, што ім па сілах.

Кожны можа загрузіць і ўключыць пасудамыйную машыну, пры неабходнасці выкарыстоўваць сушылку, прыгатаваць простую ежу, скласці рэчы.

Прытрымліваемся меркавання пра тое, што ніхто нікому нічога не павінен, але павага і любоў робяць цуды.

Мы заахвочваем адзін аднаго, дорым ўвагу, імкнёмся з кожным размаўляць на яго “мове любові”: хтосьці ацэніць прыемны падаруначак, другі зразумее, што ты яго любіш, толькі калі абдымеш, трэці найбольш шануе сяброўскую гутарку, з чацвёртым трэба абавязкова кудысьці схадзіць.

Імкнемся шмат размаўляць з кожным.

Гэта неабходна, каб быць у курсе планаў, перажыванняў, эмоцый, жыцця. Мы робім апераджальныя крокі, шчыра цікавімся жыццём адзін аднаго, каб не ўзнікала зацяжных праблемаў, думаем наперад.

Вучым планаваць свае справы і вылучаць час на іх.

17022410_10211379362655671_8849130152909012685_n

Крысціна Вітушка, матуля, стваральніца сайта dzietki.org, эксперт па развіцці бізнэсу

Мы з мужам не вызначалі іх адмыслова. Лічым, што галоўнае – мець уласныя прынцыпы і трымацца іх, быць сапраўды сям’ёй і любіць дзяцей. Тады дзеці будуць гадавацца ў вашых прынцыпах і каштоўнасцях арганічна і натуральна, а пытанні пра мову, рэлігію, грамадскую актыўнасці і многія іншыя ўвогуле не паўстануць – яблыкі ўпадуць ля яблыні. Дзіцё гадуецца на ўзор бацькоў. Заўсёды.

Наша дзіця гадуецца ў беларускай мове і культуры. Мы не распавядаем яму пра мову, мы проста на ёй гаворым. І не ўздыхаем пра страчаную культуру – мы паказваем яе багацце і разнастайнасць. Дзіцё толькі вучыцца, таму мы ніколі не сумняваліся, выпраўляючы яго моўныя памылкі і недакладнасці, запаўняючы прабелы ў ведах.

Нам цікава жыць і вучыцца. І гэта яшчэ адна каштоўнасць, у якой гадуецца наш сын. Мы бясконца вывучаем, чытаем, наведваем разнастайныя імпрэзы, спрабуем нешта новае, сустракаемся і дыскутуем з цікавымі людзьмі. І наш сын заўсёды з намі. І яму таксама цікава, ён таксама ўдзельнічае ў дыскусіях. І дарослыя яго слухаюць – раней са здзіўленнем, а цяпер з павагай.

Мы ніколі не дыстанцыявалі дзіцё ад сябе. Ніколі не казалі ісці ў свой пакой ад “дарослых” размоваў, ніколі не разважалі, што нашыя захапленні яму не па ўзросце, ніколі не кідалі яго на нянек і сваякоў, не збягалі адпачыць. Мы сям’я, нам сапраўды цікава разам. Мы дапамагаем адзін адному і не ўскладняем жыццё штучна. Дзіцё насілі на ручках, пакуль маглі падняць. Дапамагаем ездзіць на гурткі, падвозім у госці, наведваем усе публічныя імпрэзы з яго ўдзелам, аплочваем усе захапленні. І тое самае ў нас прынята ў дачыненні да кожнага. Калі нехта з нас траіх мае адказны дзень – ён можа цалкам разлічваць на дапамогу астатніх.

У той жа час кожны з нас мае досыць трывалую асабістую прастору: асабістыя рэчы, планы, кнігі, сяброў, сустрэчы, музыку, час.

Мы не баімся складанасцяў. Мы радуемся выклікам, незразумелым задачам, няпростым сітуацыям, конкурсам і спаборніцтвам. Таму што гэта развівае. Таму што жыццё – гэта рост і развіццё. А спакой і бестурботнасць – гэта шлях да смерці.

Мы – каталікі. Можа не самыя дысцыплінаваныя, але імкнемся рэальна дапамагаць касцёлу, браць актыўны і дзейсны ўдзел у важных справах, а не проста ствараць масоўку. Ніколі да гэтага не прымушалі, але ў падлеткавы перыяд касцёл стаў важнай часткай жыцця сына. У нейкі момант ён сам вырашыў, што гэта важна. Цяпер мы ўжо не маем магчымасці “закруціцца” і доўга не хадзіць да споведзі – сын нагадае. Супольная малітва яднае нашу сям’ю.

Адзінае, на чым мы настойвалі ў жыцці сына, гэта фактары здароўя і бяспекі: абавязковы рэгулярны спорт, здаровае харчаванне і рэжым дня, а ў маленстве – аўтакрэсла і чыстка зубоў заўсёды без выключэнняў. У пытаннях здароўя і бяспекі ніякіх “любіць – не любіць, падабаецца – не падабаецца, мае ўласнае меркаванне” быць не можа.

Вось бадай і ўсё.

Няспыннае імкненне да ведаў, крытычны погляд на ўсё, цікаўнасць да жыцця, адкрытасць да новага, праўдзівасць, працавітасць, неабыякавасць – гэта нашы сямейныя рысы. Наш стрыжань – сям’я і Беларусь. Наша моц – любоў, каханне, вера і ўзаемападтрымка.

Мы не маем універсальных рэцэптаў выхавання. Наш сын – наш цуд і гонар.

Падрыхтавала Вольга Севярынец

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
07.02.2018 | Тэгі: , ,




Блогі