Як захоўваць ласку Божую. 7 радаў апостала Паўла

Як нам не быць больш рабамі граху, але жыць для Бога? Апостал Павел дае мудрыя рады, кіруючыся якімі, наша справа выстаіць і мы атрымаем узнагароду ад Бога (гл. 1 Кар. 3:14). Апостал Павел заклікае ўспомніць нашы хрысцільныя прысягі вернасці Хрысту, бо мы ваяры Хрыстовы, а ў кожнага ваяра павінна быць моцная воля, няўхільная дысцыпліна, надзейная амуніцыя і ўменне карыстацца сваёй зброяй, каб перамагчы ў бітве «супраць сьветапраўцаў цемры сьвету гэтага, супраць духаў злосьці паднябесных» (Эф. 6:12).

«Так што станьце» (Еф. 6:14). Што гэта значыць? У старажытным войску асабліва важна было ўмець трымаць строй, стаяць моцна, бо толькі так можна было перамагчы ў бітве, не даючы суперніку ўклініцца ў свае шэрагі. Таму і Павел часта заклікае да гэтага. «Чувайце, стойце» (1 Кар. 16:13), «Стойце так у Госпадзе» (Плп. 4:1) і яшчэ «хто думае, што ён стаіць, глядзі, каб ня ўпасьці» (1 Кар. 10:12). Толькі той можа пачаць змагацца з грахом, хто духоўна паўстаў ад грэшнага спання, узяў у свае рукі духоўную зброю і падрыхтаваўся стаяць да апошняга.

«Апаясаўшы сьцёгны вашыя праўдаю» (Эф. 6:14). У старажытныя часы людзі насілі вальнейшыя адзенні і, калі адпраўляліся ў шлях ці рыхтаваліся да бітвы, трэба было падперазаць сцёгны — падабраць адзенне, што скоўвала рухі, і надзець пояс, каб зручней насіць зброю. Што гэта значыць для нас? Пад сцёгнамі святыя айцы разумелі пачуцці і рознага роду пажаданні. Таму падперазаўшы сцёгны, то бок уціхамірыўшы і ўзяўшы пад кантроль свае жаданні і жарсці, мы павінны ўстойліва ахоўваць нашыя сэрцы ад ворагаў. Падперазацца ж нам трэба не скураным поясам, але праўдаю — ведамі волі Божай і запаведзямі Хрыстовымі.

«Апрануўшыся ў браню праведнасці» (Эф. 6:14). Калі ў былыя часы ваярам трэба было насіць цяжкія даспехі, каб вытрымліваць удары ворагаў, то хрысціяне павінны насіць браню праўды. Браня праўды — гэта добрыя і святыя пачуцці сэрца, якія недазваляюць нам пагадзіцца на якое-небудзь зло.

«Абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць свет»(Эф. 6:15). На ўсходзе заўсёды было шмат скарпіёнаў і змеяў, гатовых уджаліць неасцярожнага падарожніка. Гэтак і ў духоўнай барацьбе, «д’ябал ходзіць, як рыклівы леў, шукаючы каго праглынуць» (1 Пётр. 5:8). Блажэнны Феафілакт Балгарскі кажа, што «ногі — знак жыцця; таму і кажа: «дзейце асьцярожна» (Эф. 5:15). Гатовасць жа дабравесціць — добрыя справы, да якіх і Бог прыслухоўваецца». Бо ўсё жыццё хрысціяніна, якога б звання і чыну ён не быў, павінна быць выражэннем яго веры ў Евангелле, а значыць павінна несці людзям любоў, радасць і спазнанне праўды ў Богу Ісусе Хрысце. Кожны хрысціянін — крыху апостал.

«А найперш за ўсё вазьміце шчыт веры» (Эф. 6:16). Як падчас бітвы, немагчыма ваяваць без шчыта і не трапляць у небяспеку, гэтак і ў духоўным жыцці хрысціяніну немагчыма абысціся без абароны. Блажэнны Максім Іспаведнік кажа, штопад шчытом трэба разумець «насімую» ў целе мёртвасць Ісуса — «Заўсёды носім у целе мёртвасць Бога Ісуса, каб і жыццце Ісусавага адкрылася ў целе нашым» (гл. 2 Кар. 4:10). Бо «шчыт, выраблены з дрэва і скуры, наводзіць нас на думку пра таемства Крыжа і пра мёртвасць у целе — бо ўсё гэта, калі хто-небудзь ім валодае, робіцца для яго шчытом веры». Такім чынам, каб атрымаць гэты шчыт веры, мы павінны, па слове апостала, укрыжаваць сябе для свету.

«І шалом ратунку вазьмеце» (Эф. 6:17). Як ваяры ва ўсе часы надзявалі шлем на галаву ў надзеі, што ён змякчыць  прапушчаны ўдар непрыяцеля і выратуе жыццё, гэтак і апостал Павел загадвае надзець шлем выратавання, які ёсць надзеяй на Бога. Максім Іспаведнік піша нам, што «бо шлём — гэта даспех, выраблены з медзі, медзь жа трывалая, ззяе і не падуладная зменам, а галава азначае веру, то варта меркаваць, што даспех, што абараняе веру, — гэта надзея, бо надзея, непахісная і нязменная, грэбаваць верай не дазваляе». Таму якія б удары не прапускалі мы ад нашага непрыяцеля, ніколі не трэба губляць надзею на літасць і ўсёдараванне Боскае.

«І меч духоўны, які ёсьць Слова Божае» (Эф. 6:17). Такім чынам, паставіўшы нас на ногі, падперазаўшы поясам праўды і апрануўшы нас у браню праведнасці, даўшы абутак і шчыт веры, а таксама ўсклаўшы на нас шлем выратавання, Апостал Павел укладае ў нашы рукі і зброю хрысціяніна, яго духоўны меч. Бо, як нам трэба мець абарону ад ворага, так належыць нам мець і зброю, каб не толькі бараніцца ад ворага, але і нападаць на яго. Зброя ж гэта ёсць, па думцы блажэннага Феафілакта Балгарскага, сам Святы Дух, атрымаўшы Якога, мы можам знішчыць галаву змея. Таму, малітоўнае чытанне і ўвасобленае ва ўласным жыцці Слова Божага, павінна ўвесь час займаць наш розум і сэрца, каб Дух Святой жыў у нас.

Толькі кіруючыся запаветам апостала, мы зможам захаваць вернасць Ісусу Хрысту, захаваць нашу яскравую рызу, дадзеную нам у Святым Хрышчэнні і так праславіцца Айцец, Сын, і Святы Дух, цяпер і заўсёдна, і навекі вякоў!

Іван Нічыпарук, студэнт Мінскай Духоўнай Акадземіі

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
17.03.2019 | Тэгі:




Блогі