Янка. Гісторыя аднаго маленькага жыцця

Калідор. Доўгі. Бальнічны. З прыглушаным святлом. Дзесьці каля дванаццатай. Надзіва ціха для радзільні. У прыадчыненых палатах цёмна: усе спяць – мамы, дзеткі. Мне ня спіцца, я павольна хаджу па калідоры, малюся: ад вахты, уздоўж карцін з немаўлятамі, у канец, назад, і зноў…

Калі праходжу каля адзінага вялікага акна, заўсёды прыпыняюся: у ім шматпавярховы будынак – цэнтр дзіцячай хірургіі. Наш Янка там…

Мне цяжка, але адначасова вельмі спакойна. Я проста фізічна адчуваю – побач са мной ходзіць Госпад.

* * *

Я вельмі хацела дзяцей. Паша таксама, таму я чакала, што першае дзіцё народзіцца ў нас адразу пасля шлюбу. Я не змяняла працу і не будавала нейкіх новых планаў, бо была ўпэўнена, што доўгі час буду займацца дзеткамі. Я адказна рыхтавалася – загадзя стала прымаць вітаміны, здала аналізы, наведала стаматолага. Мы былі здаровыя і мне здавалася, што няма ніякіх перашкодаў, каб нараджаць і расціць дзетак. Усё ішло сваёй чарадой.

У нашай здымнай аднапакаёўцы, дзе мы жывем і зараз, вельмі прыгожы від з акна, шмат дрэваў і шмат неба, а па вечарах, калі заходзіць сонца, святло ад суседніх дамоў адбіваецца проста ў вокны нашай маленькай кухні. Памятаю, гэта быў чацвёрты месяц пасля шлюбу – Светлы Тыдзень, дрэвы квітнелі. Я мыла посуд, аб чымсьці думала, разважала, малілася. Мне было вельмі ўтульна ад вечаровага святла, усю мяне напаўнялі цеплыня і шчасце.

І я зразумела, што я – цяжарная. Гэта цяжка перадаць словамі, у гэта цяжка паверыць нават мне самой, тэрмін быў зусім маленькі, але я адчула, як у сэрцы Хтосьці мне пра гэта сказаў.

Гэты момант адзін з самых шчаслівых у маім жыцці – і нават не з-за першага адчування пад сэрцам жыцця, а ад той прыгажосці, ад той прысутнасці побач са мной Кагосьці бязмежна светлага. Заўсёды, калі я ўзгадваю тое імгненне, то радасць і надзея агортвае маю душу. Я ведаю, што гэта ад Госпада.

Канечне, мне як і кожнай жанчыне хацелася адчуваць, што маё дзіця ўнікальнае, непаўторнае, самае лепшае. І таму тады я гэта пачуццё, гэта святло ўспрыняла, як знак дабраславення Божага нашага з мужам кахання і новага жыцця. Але зараз разумею, што гэта было слова ад Бога аб выпрабаванні – Ён проста сказаў, што будзе побач.

Цяжарнасць праходзіла добра. На дванаццатым тыдні мы пайшлі на першы ультрагук. У чарзе было шмат дзяўчат, жанчын, параў. Большасць маўчала, парачкі ціха перашэптваліся. А мы, памятаю, як звычайна, жартавалі, смяяліся. Мы адрозніваліся, я гэта тады заўважыла. Хто ў нас будзе, хлопчык ці дзяўчынка, не абмяркоўвалі, адчувалі – хлопчык. І імя яму ўжо далі – Ян, Янка, Яначка. Назвалі, як апостала, чытаючы ў турме якога, Паша прыйшоў да Бога. Мы вельмі любілі нашага сыночка і вельмі радаваліся, што ён з намі.

У кабінет УГД нас запрасілі апошнімі. Мы ўбачылі маленькага Янку на экране, галоўка, ручкі і ножкі, усё было добра бачна. Доктар суха падаваў нейкія дадзеныя асістэнтцы, якая запісвала іх у маю карту. А пасля, выціраючы апарат, нават ня гледзячы нам ў вочы, сказаў, што нам трэба перарываць цяжарнасць, бо ёсць паказчыкі, што дзіця будзе мець сіндром, пакуль толькі цяжка сказаць які.

Паша сказаў, што ніякі аборт мы рабіць не будзем, але нас усё роўна адправілі да генетыка і на нейкія абавязковыя ў такіх выпадках працэдуры. Усё перамянілася. Здавалася, што гэта звычайная памылка. Я доўга праплакала на прыступках, у абдымках мужа, нічога не разумеючы. Я не хацела гэтага новага свету прымаць.

З гэтага дня і далей я памятаю ўсё вельмі добра, да дробязяў. Я разумела, што так можа быць – у нас можа быць хворае дзіця, але я не хацела з гэтым мірыцца, не хацела гэта прымаць. Першы час я пераконвала сябе, што ўсё гэта памылка, што дактары проста перабольшваюць. Сябры ахвотна падтрымлівалі гэту ідэю, хаця, насамрэч, напэўна, проста баяліся гаварыць, што можа быць інакш. Многія, хто даведаўся, казалі: нікога не слухай, усё будзе добра, яны ўсіх так пужаюць. Зараз я разумею, што лепш было б казаць, што ўсякае можа быць – што дзіця можа быць хворае, а можа нават памерці. Гэта было б праўдзіва. Адна наша сяброўка ў гэты час падаравала мне фігурку – далоньку, на якой ляжыць маленькая пэрліна, і сказала, што гэта рука Бога і што мы з Янкам заўсёды на Ягонай далоні. Гэты просты сымбаль падтрымліваў мяне тады і зараз падтрымлівае.

Пасля другога УГД, калі дыягназ пацвердзіўся, мне здалося, што я губляю сувязь з рэальнасцю, губляю розум. Я бегала па кватэры, плакала да знемажэння, штосьці шаптала і малілася, так горача, як ніколі ў жыцці. Але ніякай палёгкі, суцяшэння ці абнадзейвання не адчула. Я стала шмат чытаць, шукала падобных гісторыяў гадзінамі. Мне патрэбна было ведаць, што я не адна такая, што хтосьці ўжо праз падобныя цяжкасці прайшоў. Ува мне ішло змаганне – даверыцца Богу, але трываць у няведанні ці прызнаць, што ўсё безнадзейна, але здабыць пэўнасць. Гэта быў нялёгкі выбар.

Усё было няпроста. Зараз, азіраючыся на гэтыя месяцы чакання, я бачу шмат светлага – жыццё ішло далей. Мы з мужам ездзілі адпачываць, падарожнічалі, прымалі гасцей. Паша прэзентаваў кнігу па Беларусі, я часам суправаджала яго на прэзентацыях, калі не, то мы з Янкам чакалі тату дома, рыхтаваліся, а потым доўга размаўлялі. Мы шмат маліліся разам, радаваліся разам, калі было сумна, то сумавалі таксама разам. Хадзілі на курсы па падрыхтоўцы да сумесных родаў. Я працягвала займацца валанцёрствам. Ёсць нават здымак, дзе я, ужо добра пузатая, сяджу, размаляваная вавёркай – дзеці з прытулку падыходзілі да мяне і тыкалі пальчыкамі ў жывот, пытаючыся ці ён сапраўдны, ці там падушка. Радасці было многа, не менш, чым смутку. Дзесьці глыбока-глыбока я адчувала: усё, што са мной адбываецца, мае сэнс.

З іншага боку было вельмі шкада сябе, усё было незразумела, было таксама крыўдна – чаму так менавіта з намі. Я не магла прызвычаіцца да думкі, што магчыма ўсё жыццё прыйдзецца жыць з непаўнаспраўным. Перажывала за Пашу, як будзе яму. Гэта было змаганне ў маёй душы.

Было няпроста яшчэ і ад таго, што амаль у кожным кабінеце нам казалі, што трэба рабіць аборт. Аборт, аборт, аборт… І нідзе ні слова пра жыццё. Нам нават дадому званілі і пыталіся, ці не перадумалі мы. Гэта працягвалася ўсю цяжарнасць, нават калі я прыехала ў радзільню, адно з першых пытанняў было – чаму не рабілі аборт. Я казала, што аборт – гэта забойства, дактары саромеліся і апускалі вочы, а я ў сэрцы здзіўлялася, як мала людзі ведаюць Бога.

Памятаю неяк у адзін з такіх роспачных цёмных момантаў, мы з Пашам пачалі маліцца, я плакала. На вуліцы быў дождж. У сэрцы нараджалася шмат пытанняў, хацелася хаця б на адно атрымаць адказ ці суцяшэнне. Не памятаю колькі прайшло часу, але калі я супакоілася і азірнулася, каб паглядзець на неба, то ўбачыла дзве вясёлкі. Проста сонца і дзве вясёлкі. Гэта не дало мне адказу на мае пытанні, але я зразумела, што Госпад з намі – так, як і абяцаў.

Янка нарадзіўся на трыццаць чацвертым тыдні. Я нечакана моцна захварэла. Пашы дома не было, як раз паляцеў у Чэхію на прэзентацыю. Страху я не адчувала, толькі вельмі хвалявалася. З гэтага дня ўсё памятаецца вельмі востра – пахі, колеры, святло і цені, адчуванні, гукі. Я цэлы дзень дапрацоўвала адзін матэрыял – хацела паспець да Пашынага прыезду. А перад самым сном паставіла допіс пра паход у Дом малюткі і малюнак – маленькая ручка дзіцяці трымаецца за дарослага.

Воды адышлі ноччу. Я ведала пра дыханне. Старалася супакоіцца. У радзільні мне не хапала мужа, хацелася, каб ён быў побач і дапамог мне, хацелася трымаць яго за руку. Памятаю, у палаце было халоднае цёмнае акно, я ў яго глядзела і бачыла сябе. Дактары перашэптваліся, вырашылі рабіць кесарава – былі паказанні. Мяне паклалі на стол, рукі развялі ў бакі і прывязалі, а жывот закрылі белай палатнінай, каб я нічога ня бачыла, але ўсё і так было бачна ў адлюстраванні з круглых лямпаў над сталом.

Калі я заплюшчваю вочы, то магу ўзгадаць той час па хвілінах: я была адна, усё ішло не так, як я чакала, здзяйсняліся самыя страшныя рэчы, але маё ўнутранае адчуванне з таго моманту – яно светлае. Гэта не зразумела мне самой. Я не хачу сказаць, што мне было лёгка, але мацней за ўсе іншыя адчуванні была любоў да сыночка, упэўненасць і супакой. На нейкае імгненне, калі я ляжала з раскінутымі ўбакі рукамі, мне нават здалося, што  маё цярпенне зліваецца з цярпеннем Божым.

Яначка ня плакаў, ён штосьці як птушаня праспяваў і яго бягом забралі. Я нічога не паспела пабачыць, абняць яго, мяне трэсла ад анестэзіі, я магла толькі маліцца.

 Паша прыляцеў раніцай. Яго пусцілі да Янкі. Сказалі, што патрэбна аперацыя на жывоціку, на сэрцы. Мяне пасля кесарава перавялі ў рэанімацыю, ад анестэзіі было вельмі халодна, я ляжала, напэўна, пад пяццю коўдрамі, хаця ў палаце было горача. Праз пару гадзінаў, калі прайшла анестэзія, сказалі патрошку ўставаць і хадзіць. Было балюча. Яшчэ праз пару гадзін перавялі ў палату. Памятаю, што я нават паспела да ранішняга прагляду ўстаць і прывесці сябе ў парадак. Часу, каб расслабляцца ці шкадаваць сябе, не было. Мне здавалася, што мае выпрабаванні нішто ў параўнанні з тым, што зараз адчувае Янка.

Я ведаю, што Пашу таксама было цяжка, не лягчэй, чым мне, але ён знаходзіў у сабе сілы суцяшаць мяне: клапаціўся, перадаваў кветкі, па вечарах, калі ішоў да Янкі, запальваў пад вокнамі бенгальскія агеньчыкі, часта заставаўся ў корпусе, дзе быў Янка, на ўсю ноч – проста, каб быць побач. Гэта выпрабаванне з’яднала нас моцна.

Вельмі моцна падтрымлівалі таксама сябры – тэлефанавалі, прыходзілі да радзільні, каб памаліцца за нашага Янку, імгненна даставалі нейкія патрэбныя рэчы, варылі булёны і кампоты. Яны перажывалі разам з намі.

Мне здаецца, чым бліжэй я была да выпрабаванняў, тым бліжэй да Бога. У некаторыя моманты Госпад быў так блізка, што здавалася да Яго можна дакрануцца. Я ўзгадваю адчуванне напоўненасці, прысутнасці Божай і сваёй мізэрнасці. І я ведаю, што толькі дзякуючы таму, што мяне падтрымліваў Бог, я змагла гэта ўсё перажыць. Я ведала, што Госпад сумуе разам са мной, я гэта адчувала.

У гэтыя дні мне часта трапляліся адны і тыя ж радкі з псальма: “З вуснаў дзяцей і немаўлятак Ты зладзіў хвалу, дзеля ворагаў Тваіх, каб зьнямовіць мсьціўцу і ворага. Калі я гляджу на нябёсы Твае, – твор Тваіх рук, на месяц і зоркі, якія Ты паставіў, дык што ёсьць чалавек, якога Ты памятаеш, і сын чалавечы, якога наведваеш Ты?”

Мы пахрысцілі Янку на пяты дзень. Пасля гэтага яму стала лепш і адна з доктарак нават казала, што бачыць падобныя змены ў такой хваробе ўпершыню. Але ў адзін з вечароў Паша патэлефанаваў і сказаў, што Янку зноў стала горш і што дактары сказалі развітвацца. Я не магла гаварыць ад слёз. Калі прасіла ў радзільні загадчыцу выпусціць мяне развітацца з сынам, пісала на паперы. Баялася напужаць мужа, і баялася, што мяне нікуды не выпусцяць, напілася валяр’янкі. Доўга блукала па паверхах радзільні – шукала выхад, ніхто не верыў, што жанчына пасярод ночы можа з радзільні кудысьці выйсці.

Калі я першы раз убачыла сыночка, то зразумела, што якім бы хворым Янка не быў, якія б цяжкасці нас наперадзе не чакалі – ён – дар Божы. Дзеці – гэта дар Божы. Янка быў увесь светлы, быццам залаты і калі б не ўсе трубкі і іголкі, можна было б падумаць, што ён проста спіць. Мы стаялі з Пашам, любаваліся ім і ціха маліліся. Я не плакала.

Янка пражыў восем дзён. У апошні дзень мы з Пашам таксама былі ў яго, на вуліцы было пахмурна і халодна. Мы не ведалі, што бачым Яначку жывым апошні раз. Мы зноў маліліся і разам з нашай малітвай на небе праяснілася і з’явілася сонца – было ўражанне, што чым мацней мы молімся, тым святлей становіцца. Калі мы вярнуліся ў шпіталь вечарам, нам сказалі, што Янка памёр.

Я першы раз так блізка бачыла смерць – яна стала для мне бліжэй, але бліжэй стала таксама і неба. А смерць нішто ў параўнанні з небам.

Янку хавалі 23 снежня і дзень быў сонечны, неба было блакітнае, а калі ехалі на могілкі, на небе з’явілася вясёлка. Я першы раз бачыла на небе вясёлку зімой.

* * *

Зразумець, чаму менавіта табе дадзены гэты досвед – няпроста. Прайшло два гады без Янкі, я патрошку заўважаю дзеля чаго ўсё так, але застаецца шмат рэчаў, якія я не зразумею хіба што ніколі і не забуду ніколі. Многія з успамінаў прычыняюць мне боль. Але зараз, калі пішу, узгадваю, стараюся адчуць усё зноў – я ўсміхаюся.

Гэта гісторыя мусіла быць цёмнай, але Госпад усё ўмее перамяніць на святло. Янка стаўся нашай надзеяй, ён сам быў тым цудам, якога мы так прасілі.

Зараз я ўжо ведаю, што ў жыцці можа быць па-рознаму, але я ведаю таксама, Хто заўсёды будзе побач. “Няхай не сумняваецца сэрца вашае; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце” (Яна 14:1).

P. S. У Янкі было не генетычнае захворванне – сіндром Патаў, адзін выпадак на чатырнаццаць тысяч. І я дзялюся гэтай гісторыяй толькі для таго, каб тыя, хто зараз патрабуе сведчання, пачулі, што Госпад блізка.

Вольга Севярынец

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі