“Звычайная супермама”: Урок №2. Жыццё – гэта нармальна

14446335_670854593079447_375368190_o

Кожная жанчына ў сваім пакліканні, у рэалізацыі сваёй штодзённай працы ўнікальная. Кожная жанчына прыгожая ў сваіх клопатах і адважная ў змаганні з цяжкасцямі. Кожная жанчына мае свой перажыты досвед, важны, непаўторны і таму такі захапляльны. Кожная жанчына носіць у сэрцы вопыт, здольны навучыць сотні іншых.

Жанчыну Госпад стварыў любячай, клапатлівай і адначасова моцнай. Матулі, прафесіяналы, памочніцы сваім мужам, умеліцы, моцныя жанчыны, якія штодзённа аддаюць сябе служэнню іншым. Кажуць, што існуюць таксама жанчыны, якія умеюць элегантна спалучаць працу мамы з прафесіяналізмам, сацыяльнай дзейнасцю і самаразвіццём. У грамадстве іх называюць супермамы. Але ці існуюць супермамы на самай справе?

Альбо гэта звычайныя жанчыны – якія проста ведаюць, што робяць, ведаюць куды ідуць, ведаюць і разумеюць сваё пакліканне? Такім чынам, цудоўныя звычайныя жанчыны дзеляцца сваім досведам на гэты конт, распавядаюць пра свае цяжкасці і адкрываюць свае думкі.

“Крынічка” гутарыць з мілай і вельмі прыгожай жанчынай, матуляй, арганізатаркай “Клуба майстроў” – Алесяй Козіч.

Сёння многія маладыя мамы акрамя сямейных, хатніх клопатаў і выхавання дзяцей вельмі актыўна стараюцца знайсці час яшчэ і на нейкія праекты, дабрачыннасць, сацыяльныя справы. Ты ў гэтым плане не выключэнне. Што гэта дае і ці патрэбна ўвогуле жанчыне браць на сябе яшчэ нейкія дадатковыя справы, калі з маленькімі дзецьмі часу і так ні на што не хапае?

Я б сказала, што вельмі складана быць добрай мамай, добрай жонкай, калі ты знаходзішся толькі дома і толькі з дзіцём. Мне здаецца, вельмі важна, жанчыне мець штосьці сваё, мець, куды выйсці, мець хобі. І гэта патрэбна не толькі ёй, але і яе дзіцяці, і яе мужу. Гэта робіць яе больш цікавай, гэта робіць яе лёгкай. Гэта тое, што яе адцягвае ад вечных клопатаў і дае сілы быць са сваім дзіцём. Дадатковыя заняткі і цікавасці дапамагаюць падтрымліваць актыўнасць, энергію,  добразычлівасць. Гэта цудоўна, калі мама знаходзіць сабе нейкі занятак. Больш таго, з досведу магу сказаць, што ў мамы ў дэкрэце часта знаходзяцца нейкія заняткі, якія пасля перарастаюць у прыбытак, працу і вельмі цікавыя маштабныя праекты.

14522088_676823489149224_865095386_o

Тады распавядзі, якія справы напаўняюць твой дзень? Якія ў цябе захапленні? Як развіваюцца твае праекты і ідэі?

Вельмі хочацца займацца ўсім. Праўда, вельмі хочацца і працаваць, і з людзямі кантактаваць, і гаспадыняй быць добрай, і мамай, і жонкай, і ўсім астатнім, але, на самай справе, атрымліваецца ўсё не так актыўна, інтэнсіўна як хацелася б. Я часта праводжу майстар класы па кераміцы, працую на замову, шмат працую з сувенірнай прадукцыяй.

Але асноўная наша дзейнасць, асноўны мой, наш сямейны, праект зараз – гэта “Клуб майстроў”. Гэта клуб, які я ўяўляю, як вялікую майстэрню, дзе шмат памяшканняў, дзе шмат абсталявання, якім кожны можа прыйсці пакарыстацца. Гэта таксама аб’яднанне людзей, гэта творчая атмасфера і майстар-класы. Мы займаемся клубам разам з мужам, з Вадзімам. І я б нават сказала, што муж, а не я, з’яўляецца генератарам усяго працэса. Для Вадзіма таксама вельмі важнай часткай “Клуба” з’яўляецца сайт, партал, ён бачыць яго вельмі маштабным, як, напрыклад, онлайнер, але з акцэнтам на творчасць. У мужа маштаб бачання агромністы, мне да яго мыслення далёка.

І трэба сказаць, што калі б Вадзім не прыйшоў да прыняцця маёй ідэі “Клуба майстроў”, то мы б ніколі не пачалі. Таму рухавіком быў ён. Жаданні мае і мары мае, але калі б маё жаданне не супала з жаданнем мужа, то нічога б не адбылося. І вось ужо амаль дзевяць месяцаў мы працуем менавіта ў гэтым накірунку – ужо хутка павінен нарадзіцца. Зараз мы адкрываем майстэрню ў Бараўлянах на базе “Caritas”. Як любы праект на паперы гэта адно, а ў працэсе непасрэднай дзейнасці ўсё адбываецца крыху інакш.

14550866_676825215815718_664151362_o

А на што яшчэ ты штодзённа знаходзіш час?

Я апошнім часам вырашыла для сябе, што я абавязкова павінна знайсці час на прабежку. А дзень звычайна дастаткова руцінны, заўсёды размераны. Сынок побач штодзённа, таму шмат завязана на ягоных рытмах. Праўда, мы звычайна стараемся дома не сядзець і калі нейкія сустрэчы, а іх звычайна шмат, звязаных з “Клубам майстроў”, то мы на іх разам з Фёдарам ходзім, бо дома сумна. Чым больш мы проста дома, тым больш у дзіцяці істэрык і патрабаванняў абдымання, а на вуліцы заўсёды цікава. Таксама сярод штодзённых спраў я зразумела, што павінна абавязкова знайсці час для сябе, напрыклад, на прабежку ці зарадку. Я да гэтага разумення ішла дастаткова доўга. Нажаль, на чытанне вельмі мала застаецца часу, адзінае гэта пакуль дзіця засынае, я магу пачытаць штосьці духоўнае, звязанае з жаноцкасцю ці з псіхалогіяй, каб вырашыць нейкія сямейныя пытанні ўнутраныя. Кожны вечар, канечне, малітва, кожная раніца – гэта нейкія духоўныя разважанні.

Ці ёсць рэчы, на якія не хапае часу, але якія павінны быць?

Заўсёды хочацца больш часу на сябе, на мужа, на дзіця, але дзень сканчваецца і ты разумееш, што ўсё што паспеў, тое паспеў. Хочацца мець час, каб проста памаляваць, каб зрабіць штосьці для дома прыгожае. Сярод хатніх справаў, якія заўсёды трэба рабіць, я б хацела навучыцца знаходзіць час на творчасць.

14393426_670854606412779_2045448119_o

Фёдар, твой сынок – гэта таксама штодзённая частка твайго жыцця. А што значаць для цябе дзеці?

Я б сказала, што дзеці – гэта самыя галоўныя настаўнікі. Дзеці, канечне, гэта радасць, гэта замілаванне, зразумела, але самае важнае, што кожны дзень мой сын дае мне нейкі урок. Увогуле сям’я – гэта вялікая вучоба. І стасункі з мужам – гэта вучоба, і з дзецьмі. Думаю, душа дзіцяці выбірае сваіх бацькоў нездарма – Фёдар з намі, значыць штосьці трэба нам менавіта ад яго. Магчыма, цярпенню навучыцца, душэўнай раўнавазе, навучыцца не раздражняцца, спакойна разам прымаць рашэнні.

Фёдару зараз год і чатыры і мы ўжо, па праўдзе кажучы, хочам другога. Мы, канечне, думалі, колькі ў нас будзе дзяцей, але пасля зразумелі, што колькі будзе, столькі будзе – будзе адзін, значыць так трэба, будзе два, тры, больш – значыць так трэба і так будзе. Як атрымаецца, нашыя жаданні шмат значаць, але колькі нам трэба ўрокаў, столькі будзе і настаўнікаў.

Кажаш, дзеці – гэта настаўнікі. А тады чаму цябе вучыць твой сын?

Я вельмі эмацыйная, я б сказала, часам нават нестрыманая, але з Фёдарам так не атрымліваецца, з ім трэба дамаўляцца. Каб ён штосьці зрабіў, з ім трэба дамаўляцца, увесь час дамаўляцца. І гэта, на самай справе, вельмі класны навык у жыцці. Я зразумела, калі працавала з дзецьмі – выкладала кераміку, вяла студыю – што калі ты можаш з дзецьмі знайсці агульную мову, то з дарослымі дакладна зможаш дамовіцца. Дзеці вельмі тонка адчуваюць усё, што адбываецца. Калі ты нестабільны, то і дзіця хвалюецца. Фёдар вучыць мяне быць паслядоўнай, лагічнай, вучыць прагаворваць усё, што таксама вельмі важна, бо мы пакутуем часцей за ўсё ад непаразумення, ад таго, што не ўмеем прагаворваць нашыя сапраўдныя эмоцыі і пачуцці, нашыя матывы, нават для сябе  іх не ўмеем вызначаць. А мой сын вучыць мяне гэтаму.

14522487_676823072482599_1845846945_o

Падзяліся, як ты рыхтавалася да родаў?

Ой, я займалася рамонтам, “Клубам майстроў”, з керамістамі сустракалася, усё штосьці арганізоўвала, а пасля спала, спала, спала, доўга спала. Нічога іншага не хацелася – нашыя ўяўленні аб тым, што жанчына павінна штосьці абавязкова рабіць па дому, нягледзячы на тое, што яна цяжарная, на мяне не ўплывалі. Хацелася толькі спаць і я спала. І цудоўна сябе ў гэтым адчувала. Я таксама хадзіла на курсы, вельмі шмат чытала, шмат размаўляла з мамачкамі, з цяжарнымі. Калі нарадзіла, перастала чытаць, бо мне перастала на гэта хапаць часу, але тое, што я прачытала, што паспела, мне вельмі дапамагло. А пасля інфармацыя пачала прыцягвацца сама сабой.

І яшчэ адзін момант, мая мама вельмі выступае за тое, каб я, пакуль ёсць сілы, жаданне, энергія, займалася праектамі і ўдзельнічала ва ўсім. Мне гэта самой падабаецца, але матуля, напэўна, са свайго досведу, з погляду на сваё пражытае жыццё, разумее, колькі можна ўсяго паспець. І яна кажа – Алеся, глядзі, пакуль ты цяжарная, табе адчыненыя ўсе дзверы, пакуль ты з маленькім дзіцёнкам, куды не прыйдзі, нават самыя злыя дзядзькі стануць добрымі. І сапраўды, я адчула гэта на сабе – куды б мы не прыйшлі – пра памяшканні нейкія размаўляць, вырашаць дзелавыя пытанні, там, дзе я штосьці ведаю і там, дзе зусім нічога не разумею, мне паўсюль дапамагаюць.

Як ты ставішся да моднага зараз паняцця “ідэальная мама”?

Я доўга думала над гэтым пытаннем – як гэта быць ідэальнай мамай, ідэальнымі бацькамі? Мы размаўлялі пра гэта з мужам і ён аднойчы сказаў – слухай, у нашага сына іншых бацькоў няма і таму якой бы ты ні была, якім бы я ні быў, у яго ёсць ні нейкія ідэальныя бацькі, а ты – мама і я – тата, і іншых у яго проста няма, таму ты, апрыёры, ідэальная і я, апрыёры, ідэальны. Для мяне гэта было сапраўдным адкрыццём.

Так склалася ў нашай культуры, што мы заўсёды параўноўваем, заўсёды стараемся быць на кагосьці падобнымі, а што значыць ідэальны – гэта значыць, што з усіх варыянтаў, якія ты ведаеш, ты выбіраеш нейкі, які ў тваім уяўленні, толькі ў тваім, будзе ідэальны, а ва ўяўленні твайго дзіцяці ён можа быць зусім іншым. І мне вельмі падабаецца такі падыход. Ён супакойвае.

І яшчэ адзін момант, якія я для сябе сёння раптам адкрыла, што ідэальная мама гэта тая, якая дае магчымасць свайму дзіцяці атрымаць яго досвед. Добра дзяліцца сваім, але нельга гэта навязваць. Я б хацела быць такой мамай, якая дае дзецям магчымасць выбіраць, дае магчымасць прымаць рашэнні і любіць іх незалежна ад іх рашэння і іх выбару. Мой дом, маё сэрца заўсёды адкрыта, але дзеці яны павінныя праходзіць свае шляхі. Ідэальныя бацькі тыя, якія не ціснуць на дзіця сваімі амбіцыямі.

14599872_676818735816366_1626977822_o

Бачна, што ў кірунку ідэальнай мамы ты развіваешся. А як павінна развівацца ваша сям’я, каб станавіцца лепшай?

У працэсе спаўнення маіх мараў і чаканняў, я зразумела, што Бог ведае ўсё нашмат лепш, чым я магу сабе нават уявіць. Зараз я хачу, каб мы з мужам усё лепш і лепш разумелі адзін аднаго. Я хачу, каб мы прысвячалі час сваім дзецям, а я хачу, каб іх было некалькі, таму што так будзе лепш для іх развіцця, так ім будзе лягчэй знаходзіць агульную мову са светам і так будзе лягчэй нам з імі. Чым больш дзяцей, тым весялей у сям’і і мне гэта думка вельмі падабаецца. Мне б хацелася мець шмат захапленняў, шмат творчых заняткаў, хацелася б мець вакол сябе шмат творчых людзей і ўвогуле шмат сяброў. Хочацца, каб заўсёды дом быў напоўнены людзямі. Хочацца падарожнічаць. Хочацца, каб сям’я была заўсёды ва ўзаемадзеянні, нават калі мы не побач. Гэта зараз ў маіх уяўленнях тое, як павінна развівацца наша сям’я.

А ці ёсць рэчы, сітуацыі, якія ты да сямейнага жыцця ўяўляла неяк не так як гэта ёсць на самай справе?

Ну, канечне, у марах усё было ідэальнае-ідэальнае (паўза).

Муж падказвае: “Гэта лісткі салата замест яечні на сняданак?”

Так! (смяецца). Муж проста вельмі любіць яечню, кожную раніцу ён любіць яечню, а я не кожную раніцу люблю яечню. Дык вось я не ўяўляла сабе, што можна кожную раніцу есці яечню і быць задаволеным (смяецца).

Я праўда ўяўляла і верыла, што я буду такая прыгожая стаяць каля пліты, што ў мяне заўсёды будзе парадак, будзе шмат усяго смачнага нагатавана, што дзеці будуць мяне разумець з паўслова. І ўсё такое ідэальнае. Зараз я разумею, што гэта такая нудота. А ў жывым жыцці зусім па-іншаму: ты тут прыбраў, а сын з іншага боку ўжо свой парадак навёў, ты з іншага боку прыбраў, а ён з гэтага парадак наводзіць. І так цэлы дзень. І гэта нармальна. Проста з кожным днём, ты пачынаеш усё больш спакойна да гэтага ставіцца, а з іншага боку ты пачынаеш паспяваць хутчэй, чым ён, наводзіць парадак.

Таксама пакуль я была цяжарная, мне здавалася, што часу мала, часу мала, яго ні на што не хапае. Калі нарадзіўся Федзя, я падумала – я ўжо пачынаю паспяваць больш, але часу яшчэ менш. І я думаю, ну вось зараз ён крыху падрасце і стане больш часу. Але часу больш не становіцца, ты проста пачынаеш падладжвацца пад сітуацыю, ты пачынаеш больш паспяваць, больш планаваць. Часу больш не становіцца.

Таксама раней здавалася: Божа, толькі каб не пагрузіцца ў руціну. І гэта таксама памылка такая, кажуць, што руціна псуе стасункі і я да замужжа таксама так думала, што руціна – гэта страшна. Пасля я зразумела, што і гэта нармальна. Нельга быць увесь час у напружанні эмоцый і нейкіх падзеяў, таму што ад гэтага таксама стамляешся. Добра, калі ёсць чаргаванне – і руціна, і штосьці цудоўнае, што цябе запальвае, а пасля трэба адпачыць. Раніцай устаць, прыгатаваць ежу, пагуляць, легчы спаць, зноў устаць, прыгатаваць, пагуляць, легчы спаць і гэта нармальна. Важна і ў руціне, і ў звышэмоцыях памятаць аб тым, што вы сям’я. Важна памятаць, аб тым, што я кахаю свайго мужа і ён кахае мяне і любыя падзеі, якія адбываюцца, яны ніяк гэтаму не перашкаджаюць, яны гэта ўмацоўваюць. І ўсё гэта называецца жыццё.14423679_670854619746111_120227386_o

Звычайна жанчыны наракаюць, што муж увесь час на працы, а вы працуеце дома і таму шмат часу праводзіце разам, гэта вас не стамляе?

Сапраўды вельмі складана сказаць, што мы робім асобна. Магчыма, гэта такі перыяд у жыцці, але зараз мы сапраўды ўсё робім разам. Тут, напэўна, трэба сказаць, пра адзін важны момант, які мы для сябе вызначылі – гэта вучыцца планаваць і дзяліцца сваімі планамі, каб іншы таксама аб іх ведаў. Пытання ў тым, каб, калі хтосьці стаміўся і хоча свабоды, выйсці і пабыць аднаму – няма. Пытанне ёсць у тым, што трэба пра гэта папярэджваць і іншы павінен пра гэты план таксама ведаць, каб спакойна перабудаваць свой план. Напрыклад, калі муж едзе кудысьці, я павінна разумець, што заўтра я буду адна і мне трэба планаваць час так, каб да гэтага падрыхтавацца. А ўвогуле расслабіцца, абстрагавацца, пабыць часам аднаму, вельмі патрэбна, хаця б тая прабежка, яна зараджае энергіяй, якой хапае на цэлы дзень.

А ў духоўным жыцці, што, на твой погляд, самае важнае?

Мне вельмі важна маліцца за маю сям’ю. Калі я кладуся спаць і жадаю добрай ночы сваім любімым мужчынам, у гэты момант я, як жанчына іх сям’і, дабраслаўляю іх. Малюся, каб іх дабраславіла і Марыя, і Госпад дабраславіў. Мне здаецца, што важна класціся з гэтым дабраславеннем, яно супакойвае і натхняе. Я разумею, што ў гэтым свеце мы толькі маленькая частачка, Бог стварыў нас як сваю частку і мы таксама боскія.

Я ведаю, што без цемры не было б святла. У кожным з нас ёсць і цемра, і святло, важна да чаго ты імкнешся. Важна бачыць і пагаджацца, што усё гэта ў табе ёсць, але ўсё роўна імкнуцца да святла.

Размаўляла Вольга Севярынец, фота Вікторыі Чаплевай, стыліст Дар’я Шаўко

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі