“Звычайная супермама”: Урок №4. Мой стымул — муж і дзеці

Кожная жанчына ў сваім пакліканні, у рэалізацыі сваёй штодзённай працы ўнікальная. Кожная жанчына прыгожая ў сваіх клопатах і адважная ў змаганні з цяжкасцямі. Кожная жанчына мае свой перажыты досвед, важны, непаўторны і таму такі захапляльны. Кожная жанчына носіць у сэрцы вопыт, здольны навучыць сотні іншых.

Жанчыну Госпад стварыў любячай, клапатлівай і адначасова моцнай. Матулі, прафесіяналы, памочніцы сваім мужам, умеліцы, моцныя жанчыны, якія штодзённа аддаюць сябе служэнню іншым. Кажуць, што існуюць таксама жанчыны, якія умеюць элегантна спалучаць працу мамы з прафесіяналізмам, сацыяльнай дзейнасцю і самаразвіццём. У грамадстве іх называюць супермамы. Але ці існуюць супермамы на самай справе?

Альбо гэта звычайныя жанчыны – якія проста ведаюць, што робяць, ведаюць куды ідуць, ведаюць і разумеюць сваё пакліканне? Такім чынам, цудоўныя звычайныя жанчыны дзеляцца сваім досведам на гэты конт, распавядаюць пра свае цяжкасці і адкрываюць свае думкі.

Сёння “Крынічка” гутарыць з маладой моцнай жанчынай, шчаслівай мамай двух прыгожых дзяўчынак, цудоўнай жонкай, а таксама ўладальніцай паспяховага «Цэнтра славянскіх моў і культур». Ірына Зімнева – мецэнат многіх добрых праектаў, у тым ліку і журналісцкага конкурса пралайф матэрыялаў «Жыццё пад сэрцам», гэта чалавек, які ведае кошт працы і перамогі, але нягледзячы на цяжкасці працягвае займацца тым, што любіць.

IMG_0146

Многія матулі скардзяцца, што ў іх няма часу паесці, а ты паспяваеш выхоўваць двух дзетак, займацца сям’ёй, уласным бізнэсам ды яшчэ і цудоўна выглядаць пры ўсім гэтым. Як?

Як ні дзіўна, мой стымул – гэта дзеці і муж. Яны натхняюць мяне працаваць і паспяваць усё больш і больш.  Мне хочацца, каб мая сям’я ганарылася мной і я ўвесь час стараюся штосьці для гэтага рабіць. Напрыклад, стымул добра выглядаць у мяне з’явіўся менавіта тады, калі я выйшла замуж. Шмат чуеш ад сяброў, знаёмых, што жонкі часта пасля жаніцьбы ці цяжарнасці перастаюць сачыць за сабой і цікавяцца толькі домам і дзецьмі. Я разумею, што мужчыне не цікава, калі ён прыходзіць з працы, а яму расказваюць толькі пра дзіцячыя соплі. Гэта атупляе і жонку, і мужа. Калі я толькі нарадзіла, мне хацелася выглядаць больш-менш нармальна і дзеля мужа, і дзеля дзяцей. Дзеці таксама ўсё добра разумеюць. Старэйшая дачка, кажа мне, калі я прыгожая, можа сказаць мне, напрыклад, “мама, не апранай джынсы, апрані сукенку”.

Таксама, калі быць шчырым, варта сказаць, што без дапамогі не абысціся. І вось тут мне пашанцавала. Першы год, калі нарадзілася старэйшая дачка, супаў з адкрыццём нашага бізнеса, і мы з мужам няньчылі дзіця па чарзе. Падрыхтоўку да заняткаў і папяровую працу я пакідала на ноч, калі Мірка спала, тады я магла больш-менш нармальна папрацаваць. Зараз з дзвюма дачушкамі стала яшчэ прасцей, таму што мая мама, стаміўшыся ад працы, сама выклікалася пайсці ў дэкрэтны адпачынак, каб, калі патрэбна, пабыць з дзецьмі. Таксама важны плюс гэта тое, што ў нас паслухмяныя, разумныя дзеці, яны разважлівыя і ўсё разумеюць.

А як ты плануеш свой час, хіба мусяць быць правераныя спосабы, як зберагчы час ці паспець больш пры тваёй занятасці?

Ой, гэта складана ўсё. Ніякіх сакрэтаў няма, я нават у нататнікі не фіксую план дня – на запланаванае ўсё роўна заўсёды не хапае часу. Справы трымаю ў галаве, так з дзяцінства. Часам магу нешта забыцца, але ў цэлым перад сном пракручваю свой наступны дзень, каб нічога не прапусціць. Мой звычайны дзень выглядае наступным чынам – у першай палове дня я імкнуся не хадзіць на працу, стараюся як мага пазней выйсці па справах, бо з раніцы ў мяне ёсць абавязковыя рытуалы – мы ўсе разам снедаем, пакуль дзеці задаволеныя гуляюць, стараюся прывесці сябе ў парадак, пасля мы разам з дзецьмі гуляем. Самая галоўная гульня – гэта агучваць розных персанажаў, альбо Амільку, малодшую дачку, пакуль яна не гаварыла, таксама вучым літары, адначасова з гэтым я гатую, пасля разам прыбіраемся, я ўкладваю малодшую спаць, у гэты час са старэйшай мы можам пачытаць, пагуляць, паразмаўляць. Я еду на працу максімум на гадзін 5, звычайна гэта два-тры дні на тыдзень. Сераду і пятніцу, напрыклад, я загружаю цалкам – англійскім, фітнэсам, сустрэчамі па кнігах, па выкладчыках… Гэтыя два дні я напаўняю так моцна, што часам няма калі паесці, але з іншага боку я такім чынам працую макісмальна прадуктыўна і раблю ўсё тое, што набралася за тыдзень за два гэтыя дні. Я спалучаю некалькі справаў адначасова, тэлефаную па справах заўсёды па дарозе на працу ці дадому. Дома я не размаўляю па тэлефоне, бо магу прысвяціць гэты час больш важным рэчам.

Як ты падтрымліваеш сябе ў такім прадуктыўным, натхнёным стане?

Калі ты шмат чаго і каму павінен, то няма выйсця – патрэбна старацца паспяваць больш. Калі ўзнікаюць нейкія цяжкасці, я не занураюся ў іх, а іду далей. Праз пастаянную занятасць, усе праблемы вырашаеш адразу і не топчашся ў гэтым, ідзеш наперад, рухаешся. Я не раблю са штодзённых клопатаў глабальную праблему, я не хаджу і не рэфлексую гадзінамі, а яшчэ больш загружаю сябе працай. Скажу нават, што перашкоды мяне стымулююць, калі яны з’яўляюцца, я імкнуся яшчэ больш працаваць.

IMG_0074

А чаму тады некаторым жанчынам так цяжка ўзяць сябе ў рукі? Дзе ім знайсці стымул? Ці гэта залежыць толькі ад характару чалавека?

Часам мне здаецца, што ўсе нашы дэпрэсіі і ныццё ад недахопу працы, занятасці. Калі ты чымсьці заняты, у цябе няма часу на капанні ў самім сябе. Трэба браць сябе ў рукі і знаходзіць сабе нейкі занятак, трэба перайсці гэтую млявасць і абыякавасць і зрабіць хоць нейкі адзін маленькі крок. Часам людзі кажуць, што ў іх зусім няма часу, але час выкідаць здымкі ў сацсеткі і пісаць пасты яны знаходзяць. Я ня веру, што зусім няма часу, каб зрабіць нешта на карысць людзей, ці больш якасна пазаймацца з дзіцём, а час пісаць пасты ёсць. Я не заклікаю да таго, каб усе ішлі працавалі ў дэкрэтным, але жанчына павінна адразу сябе запраграмаваць на тое, каб не растварацца ў дзіцёнку. Дзіцё – гэта адна адзінка, а ты іншая. Калі мама добра выглядае, калі мама займаецца чымсьці ёй цікавым, то ў дзіцяці будзе добры прыклад, яно будзе бачыць, што іначай жыць немагчыма, што пастаянна павінен быць рух.

Таксама, я бачу па сваіх дзецях, што калі мама ўвесь час побач, з імі, то яны дазваляюць сабе нейкія псіхі, а калі я з’яжджаю на працу на пару гадзінаў, а пасля вяртаюся – яны сумуюць і мне здаецца, што так паміж намі будуюцца больш сяброўскія адносіны, мы больш прывязаныя адзін да аднаго. Дзеці могуць параўнаць, калі мамы няма і калі яна побач, і яны яе паважаюць.

А наогул, ці патрэбна жанчыне штосьці яшчэ акрамя сям’і? Нейкае хоббі, служэнне – навошта гэта?

Кожная жанчына выбірае гэта сама для сябе, ёсць жанчыны, якім сумна ў дэкрэце, і яны працягваюць шукаць сабе дадатковыя заняткі, а ёсць хтосьці, хто 20 год займаецца домам і камфортна сябе адчувае. Галоўнае, па-мойму, каб жанчына не стала часткай дома, не злілася з дзецьмі, а праз гэта, каб не страціла сябе. Жанчыне патрэбна для шчасця, для гармоніі заставацца сабой. Зразумела, жыццё каардынальна змяняецца са з’яўленнем дзяцей, першы час ты сама сабе не належыш, але калі цалкам гэтаму аддацца, ты змыешся, цябе ня стане, ты проста будзеш як дадатак да дому. Калі захаваеш сваю індывідуальнасць, сваю асобу, тады будзе цікавей і дзецям з табой, і мужу. На працы я часта сутыкаюся з тым, што дзеці, падлеткі не паважаюць сваіх матуляў, бо лічаць іх кімсьці звычайным, тым, хто ўвесь час сядзіць дома. Дом не можа быць адзіным заняткам жанчыны, лічу, што нейкія мінімальныя рэчы, на дабро ж сабе, жанчына проста павінна рабіць.

Якія моцныя і слабыя бакі жанчыны, якая разам з сямейнымі абавязкамі, выконвае абавязкі бізнэс-вумэн?

Моцныя бакі адназначна, гэта тое, што такой жанчыне практычна нічога не страшна – яна адчувае сябе паўнавартаснай асобай, развітай і рэалізаванай як у сямейным плане, так і ў прафесійным. У такой жанчыны пастаянная змена дзейнасці – праца і выхаванне дзяцей, што не так стамляе.

Мой слабы бок у прафесійным плане гэта тое, што я залежная ад людзей – перад тым, як прызначыць нейкую працоўную сустрэчу, я павінна дамовіцца з мужам ці з бабуляй, каб яны пасядзелі з малымі.

Зразумела таксама, я думаю аб тым, што часам не так шмат часу прысвячаю дзецям, колькі прысвячае мама ў дэкрэце. Я не малюю з імі, не ваджу іх у развіваючыя цэнтры, не клею з макаронаў кампазіцыі і г. д. Не заўсёды ёсць час, каб выйсці з імі на прагулку, але я, калі толькі ёсць магчымасць, размаўляю з імі – можа таму яны вельмі рана пачалі размаўляць. Калі я гатую ці прыбіраю, я паралельна гуляю з імі, агучваю іх лялек, гуляю ў хованкі і мы навыперадкі збіраем цацкі і выціраем пыл у іх пакоі. Я размаўляю з дзецьмі іх тэрмінамі, “проста”, але як з дарослымі. І параўноўваючы сваіх дзетак з іншымі, мне здаецца, што яны больш разважлівыя ў думках, у паводзінах. Міраслава, напрыклад, найбольш любіць бавіць час, як раз размаўляючы са мной, мы ляжым і размаўляем, яна тады пытаецца, які ў мяне любімы колер, пасля распавядае пра сябе. Я і ведаю, што дзеці ўсё разумеюць і адчуваюць маю любоў і пяшчоту, незалежна ад таго, колькі часу я з імі ў дзень правяла.

IMG_0078

Дык ці гэта сапраўды рэальна займацца і сям’ёй, і бізнэсам без шкоды ці той, ці іншай сферы?

Гледзячы як на гэта паглядзець. Магчыма, каб не было дзяцей, я б на працы рабіла больш. З іншага боку, у дадзены момант дзеці з’яўляюцца для мяне моцным стымулам развівацца, быць для іх мамай-узорам, не замыленай цёткай, вечна не задаволенай усім і ўсімі навокал. Не хачу, каб дзеці думалі, што іх мама здатная толькі на гатаванне, прыбіранне і выціранне азадкаў,  што яна штосьці яшчэ ўмее рабіць і ў яе гэта атрымліваецца.

На што ты стараешся знайсці час кожны дзень незалежна ад занятасці?

Апошні год я хаджу на фітнэс, стараюся заўжды знайсці на гэта час, бо спорт павінен быць ў жыцці абавязкова. Яшчэ кожны дзень я чытаю хоць пару старонак працоўнай літаратуры – для развіцця бізнесу гэта вельмі важна. Таксама не так даўно я пачала пісаць пра прыгоды Міркі і Амількі. У іх зараз асобная старонка ў Інстаграм, дзе пад іх здымкамі пішу вершык пра іх штодзённае жыццё. Незалежна ад занятасці і ад таго, а якой я вяртаюся дадому, я сама ўкладваю дзяцей спаць, каб пабыць з імі перад сном. Я чытаю ім казкі, яны расказваюць мне пра свае перажыванні, ці часам мы проста рагочам і забаўляемся ў ложку і тады яны ўкладваюцца гадзінамі. Кожную нядзелю мы стараемся хадзіць у касцёл – гэта адзін з абавязковых пунктаў, а перад сном разам з дзецьмі молімся.

IMG_0154

Якія яшчэ традыцыі ты развіваеш у сваёй сям’і?

У першую чаргу, гэта агульныя каштоўнасці – павага, дабрыня і ўзаемадапамога. Мы стараемся ва ўсе паездкі браць дзяцей з сабой, таму яны вельмі мабільныя. Паўтаруся, што мы разам з дзецьмі мы ходзім у касцёл і перад сном абавязкова молімся. На Божае Нараджэнне і Вялікдзень, мы заўсёды ездзім да маіх бацькоў і адзначаем там святы.

З Міркай традыцыйна вучым вершы на мове дый размаўляем таксама. Увогуле з мовай цікавая сітуацыя, бо я заўсёды размаўляю па-беларуску, а муж  – па-руску. Старэйшая дачка ўжо размяжоўвае дзве мовы і аднойчы пытаецца: Мама, а ты як размаўляеш? Я кажу, што па-беларуску. Мірка: Мам, можна я тады ў тваёй камандзе буду? Увогуле наша сям’я – гэта адна каманда, якая працуе і думае ў адным накірунку, незалежна ад узросту.

А якое месца ў тваёй сям’і займае Госпад?

Усё маё жыццё пад пільным наглядам Госпада. Бог у маім жыцці заўсёды. У моманты роспачы,канечне, мацней звяртаешся да Яго і мацней Яго адчуваеш. Я ўспрымаю цяжкасці звычайна, ведаю, што праз іх Госпад штосьці хоча мне сказаць. Праз цяжкасці Госпад аб’ядноўвае і нашу сям’ю. Мой муж навярнуўся. Нашы дзеці растуць у Госпадзе.

Мяне вельмі прыгнятала, што на апошніх месяцах другой цяжарнасці я не магла хадзіць у касцёл, я тады ўвогуле ледзь магла хадзіць з-за праблем з ныркамі. Мне было вельмі цяжка. Я вельмі ўдзячная Госпаду, што Амілька, якая таксама разам са мной шмат перажыла падчас цяжарнасці, нарадзілася цалкам здаровай. Госпад даў нам праз яе здароўе вялікую палёгку, выпрабаванні на гэтым не скончыліся, але гэты момант быў сапраўдным сведчаннем, што Госпад з намі. Праз выпрабаванні Госпад хоча нагадаць, што Ён ёсць. Ён не дае нам такім чынам забывацца пра важнае. Дае нам магчымасць падняцца.

Размаўляла Вольга Севярынец, фота Ніна Вартанава

З іншымі матэрыяламі па тэме можна пазнаёміцца тут

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі